Маршруты выходного дня

Интерактивная карта

Парки и скверы

Парк культуры i адпачынку

 

Парк культуры i адпачынку – самы папулярны парк горада. Пабудавалі яго даўно. Першапачатковая плошча парку была невялікая. Сёння яна складае больш за 20 гектараў, дзякуючы чаму ён з’яўляецца самым вялікім.

У 2006 годзе парк адзначыў сваё стагоддзе.

Сучасны парк – гэта адначасова і прыродны комплекс, і забаўляльны цэнтр. Тут знаходзіцца помнік прыроды рэспубліканскага значэння – «Елка звычайная, форма змеепадобная».

Для адпачынку ў цяністых алеях парку прадугледжаны зручныя лавачкі і альтанкі.

Найпрыгажэйшым ландшафтным афармленнем парку з'яўляецца Верхняе i Нiжняе азёры з мноствам лебедзяў i качак. А самым рамантычным яго месцам лiчыцца “Востраў закаханых” з мастком.

Аматары вады могуць пакатацца на катамаранах, а дзецi пакарміць лебедзяў і качак.

У парку ёсць амфітэатра, атракцыёны на любы густ і ўзрост, шмат скульптурных кампазіцый, прызначаных для фатаграфавання. Увагу наведвальнiкаў прыцягвае кола агляду – адзін з падарункаў жыхарам Брэста да 1000-годдзя горада.

Маленькiх жыхароў горада цікавяць жывёлы, якія жывуць у заапарку, размешчаным на тэрыторыi парку. Дзеці любяць назiраць за качкамі, гусямі, страусамі, цасарамі, фазанамі і карміць іх.

Парк воінаў-інтэрнацыяналістаў

 

 

Парк воінаў-інтэрнацыяналістаў – гэта экалагічны куток горада.

Паркавая зона плаўна перацякае ў лясны масіў са сцяжынкамі.

Ля цэнтральнага ўваходу ў парк на пастаменце ўзвышаецца бронетранспарцёр БТР-60, нагадваючы пра тое, што парк утвораны ў гонар воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія не вярнуліся з вайны. Алея, размешчаная справа ад пастамента, вядзе да помніка воінам-афганцам.

У парку шмат вавёрак, якіх вельмі любяць жыхары горада і турысты. За гады жыцця ў парку вавёркі сталі зусiм ручнымі: яны з задавальненнем кормяцца з рук наведвальнікаў і прыцягваюць увагу фатографаў.

На ўскраіне парку працуюць атракцыёны – любiмыя забавы дзяцей і бацькоў. Паркавая пляцоўка – месца канцэртаў, танцаў і літаратурных сустрэч моладзі.

Парк Мiру

 

 

У мікрараёне Усход размешчаны інтэрнацыянальны парк Міру, закладзены ветэранамі, школьнiкамі, прадстаўнiкамі мясцовай улады і пасольстваў Польшчы i Германii ў памяць пра загінуўшых у Другой сусветнай вайне.

Ён з’яўляецца месцам адпачынку і гульняў дарослых і дзяцей.

У парку праводзіцца сямейны фестываль «Аблокі малака», арганізатарам якога выступае кампанія ААТ “Савушкін прадукт”.

 

Парк Тысячагоддзя

Парк Тысячагоддзя закладзены да юбілею Брэста, які будзе святкавацца ў вераснi 2019 года. Жыхарамi горада высаджаны першыя саджанцы дрэў лiставых i iглiчных парод, закладзена алея пакаленняў. У акцыi па высадцы дрэў удзельнічаюць ветэраны, моладзь, прадстаўнiкi прадпрыемстваў, арганiзацый i ўлады.

 

Дуб чарэшчаты пірамідальнай формы

Расце ў скверы паміж адміністрацыйнымі будынкамі Брэсцкага абласнога і гарадскога выканаўчых камітэтаў. Дата пасадкi – 1920 год. Па мерках дрэва ён яшчэ малады, бо дубы, як вядома, жывуць доўга. Унікальнасць дуба ў пірамідальнай форме яго кроны.

Сквер Iконнікава

Сквер Іконнікава названы ў гонар Мікалая Фёдаравіча Іконнікава – савецкага военачальніка, генерал-маёра танкавых войскаў, удзельніка вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

 

Сквер Пагранічнікаў

У скверы Пагранічнікаў знаходзiцца мемарыяльны комплекс “Абаронцам граніц”. Помнiк складаецца з цэнтральнага і 8 імянных стэл, прысвечаных героям-пагранічнікам, якiя загiнулi, абараняючы дзяржаўныя гранiцы.

свернуть

Музеи г.Бреста

Музей чыгуначнай тэхнікі

Музей быў адкрыты ў 2002 годзе. У ім пад адкрытым небам сабраны ўзоры чыгуначнай тэхнікі за ўсю гісторыю існавання чыгункі ў Беларусі.

Для старадаўніх паравозаў былі пракладзены спецыяльныя пуці, па якіх яны могуць рухацца. Агульная працягласць чыгуначных пуцей музея – 1200 метраў. Экспазіцыя размешчана на плошчы 29 тыс. кв. метраў.

Усе паравозы, цеплавозы, вагоны і іншая тэхніка знаходзяцца ў рабочым стане, што дазваляе іх выкарыстоўваць для кіназдымак і экскурсій.

Самыя старыя экспанаты музея - вагон 1915 года і паравоз 1926 года выпуску. У музеі сабрана вялікая калекцыя паравозаў і цеплавозаў з двух- і чатырохвоснымі вагонамі выпуску 1903-1940 гадоў. Тут знаходзяцца і два ўнікальныя паравыя чыгуначныя будаўнічыя краны.

Гэтая рэдкая экспазіцыя дазваляе прасачыць развіццё чыгуначнай тэхнікі ў нашай краіне з пачатку XX стагоддзя. Сярод экспанатаў ёсць цеплавоз, які даставіў дэлегацыю на Патсдамскую канферэнцыю.

Найбольш поўна прадстаўлена будаўнічая і рамонтная чыгуначная тэхніка, а таксама ваенныя вагоны часоў Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку вагон з зенітнай устаноўкай і санітарныя вагоны.

Экспанаты можна агледзець не толькі звонку, але і пабываць унутры. Супрацоўнікі музея раскажуць пра іх гісторыю і ўстройства.

Музей “Выраватаваныя мастацкія каштоўнасці”

Гэты музей – філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея. Адкрыты ў 1989 годзе ў асабняку, які па іроніі лёсу сам з'яўляецца выратаванай мастацкай каштоўнасцю. Гэты помнік архітэктуры быў пабудаваны ў 1925-1927 гадах па праекце архітэктара Ю. Лісецкай і цудам ацалеў сярод сучаснай гарадской забудовы.

У музеі сабраны мастацкія каштоўнасці, канфіскаваныя брэсцкімі мытнікамі. Калекцыя музея назвычай багатая і рэгулярна папаўняецца новымі экспанатамі. Незвычайная тэматыка калекцыі і яе разнастайнасць прыцягвае ўвагу жыхароў Брэста і турыстаў, якія з вялікай цікавасцю аглядаюць каштоўнасці і знаёмяцца са спосабамі, якімі іх спрабавалі правезці праз мытню.

Экспазіцыя музея прадстаўлена ў 10 залах. У першай ўбачыць унікальныя матэрыялы пра дзейнасць брэсцкай мытні па прадухіленні вывазу культурных і мастацкіх каштоўнасцей за мяжу. Тры залы займаюць канфіскаваныя іконы, самыя старыя з якіх датуюцца XVI стагоддзем.

У астатніх залах сабрана антыкварная мэбля, ювелірныя вырабы, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва з усіх краін свету. Ёсць тут і знакамітыя ювелірныя вырабы Фабержэ, і статуэткі Буды, і шэдэўры сусветнага жывапісу.

За час існавання музея ён стаў модным культурным цэнтрам горада. Тут праводзяцца літаратурныя вечары, канцэрты, цікавыя выставы і іншыя мерапрыемствы.

Археалагічны музей “Бярэсце”

 

Музей быў адкрыты ў 1982 годзе і з'яўляецца філіялам Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея. Гэта ўнікальны музей, які не мае сусветных аналагаў. Наведвальнікі могуць пабываць непасрэдна ў раскопе, над якім збудаваны дах і сцены, што абараняюць яго ад непагадзі. Раскопкі Бярэсця праводзіліся ў 1962 годзе археолагамі пад кіраўніцтвам Ф.П.Лысенкі і сёння для агляду адкрыты фрагмент дзядзцінца старажытнага ўсходнеславянскага гарадзішча XI-XIII стагоддзяў. Бярэсце знаходзіцца на тэрыторыі Валынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці (на Шпітальнай выспе).

Агульная плошча музея – 2400 квадратных метраў. Музей падзелены на 14 залаў. Асноўная экспазіцыя – раскоп, які знаходзіцца на глыбіні 4 метраў і займае плошчу 1000 квадратных метраў. Гэта частка рамеснага квартала старажытнага горада (30 жылых і гаспадарчых пабудоў, а таксама дзве вуліцы), які знаходзіўся на мяжы дзяржаў паміж дзвюх рэк.

Добрай захаванасцю археалагічныя знаходкі абавязаны таму, што ўсе мінулыя стагоддзі яны знаходзіліся пад балотам. Застаецца толькі здагадвацца, у выніку якой катастрофы дамы, з усім начыннем, адзеннем, абуткам, ювелірнымі ўпрыгажэннямі, таварамі купцоў былі кінуты жыхарамі горада. На тэрыторыі раскопак былі выяўлены таксама шматлікія астанкі свойскіх жывёл.

Бярэсце – адзін з самых старажытных буйных беларускіх гарадоў, які згадваецца ў летапісе 1019 года. Горад займаў каля 4 гектараў, насельніцтва дасягала 2 тысяч чалавек.

Характэрна, што ўсе знойдзеныя хаты былі цалкам драўлянымі. На тэрыторыі горада знойдзены царква, хрысціянскія і язычніцкія культавыя прадметы. Горад быў абнесены драўлянымі сценамі на земляных валах і акружаны равамі.

У экспазіцыі музея прадстаўлены знойдзеныя пры раскопках вырабы кавалёў, гарбароў, ювеліраў, ганчароў, ткачоў.

Музей гісторыі горада Брэста

 

Музей гісторыі Брэста першапачаткова быў адкрыты як філіял абласнога краязнаўчага музея ў 1998 годзе. З 2007 года музей набыў самастойнасць. У 2008 годзе будынак музея адрэстаўраваны.

Экспазіцыя музея, размешчаная ў 4 залах, расказвае пра гісторыю старажытнага Бярэсця. На тэрыторыі сучаснай Брэсцкай крэпасці, узнікненне Брэст-Літоўска, перанесенага на тэрыторыю Кобрынскага фарштата пры будаўніцтве Брэсцкай крэпасці, яго лёс у складзе Польшчы, цяжкія ваенныя выпрабаванні, якія выпалі на горад у час Вялікай Айчыннай вайны, і пасляваеннае жыццё.

У пастаяннай экспазіцыі музея больш за 800 экспанатаў. Плошча музея – каля 200 квадратных метраў. У музеі прадстаўлены багатыя калекцыі халоднай і стралковай зброі і вайсковага абмундзіравання, макеты рэканструяванага Бярэсця і археалагічных раскопак у раёне Брэсцкай крэпасці, гістарычныя дакументы і фотаздымкі, старадаўнія паштоўкі з відамі Брэста, старадаўняя мэбля, прадметы інтэр'еру і побыту, старажытныя манеты і першадрукі…

У музеі праводзяцца цікавыя экскурсіі па гісторыі Брэста для дарослых і дзяцей, тэматычныя выставы па археалогіі роднага краю, а таксама па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Музей абароны Брэсцкай крэпасці

 

Музей абароны Брэсцкай крэпасці быў адкрыты ў 1956 годзе. Ён размешчаны на цэнтральным востраве цытадэлі ў інжынернай казарме.

Музей ствараўся як помнік баявой славе.

Аформленыя ў чырвона-чорнай гаме, падсветленыя стэнды моцна ўражваюць наведвальнікаў. Рэальныя гістарычныя знаходкі ваеннага часу суседнічаюць з манекенамі ў армейскай форме, прадметамі мірнага даваеннага побыту і плакатамі часоў вайны. Усе матэрыялы скампанаваны такім чынам, што ствараюць эфект прысутнасці.

Здаецца, што авіяцыйныя бомбы, якія вісяць на столі залы, падаюць з неба на галовы наведвальнікаў, а гітара, пакінутая на крэсле, гучала хвіліну назад.

21 чэрвеня 1961 года адбылася першая сустрэча абаронцаў Брэсцкай крэпасці, прысвечаная 20-годдзю з дня нападу фашысцкай арміі на Брэсцкую крэпасць. У сувязі з гэтай падзеяй была павялічана плошча экспазіцыі ў 2,5 разу, у выніку чаго яна склала 1000 квадратных метраў.

Сённяшняя экспазіцыя музея размешчана ў 10 залах. На аснове калекцыі, якая фарміравалася больш за 50 гадоў, адкрыта выстава халоднай і стралковай зброі XVIII-XX стагоддзяў.

Для часовых выстаў выкарыстоўваюцца залы на першым і другім паверхах. Там размяшчаюцца тэматычныя выставы да розных памятных дат, а таксама экспануюцца выставы зброі.

Брэсцкі абласны краязнаўчы музей

 

Брэсцкі абласны краязнаўчы музей – адзін з самых маладых этнаграфічных музеяў Беларусі. Ён быў заснаваны ў 1950 годзе. У 1957 годзе адкрылася першая пастаянная экспазіцыя.

Сёння ў музеі размяшчаюцца вялікія калекцыі экспанатаў. У склад музея ўваходзяць 4 філіялы: археалагічны музей “Бярэсце”, адкрыты на месцы археалагічных раскопак старажытнаславянскага горада; музей “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці”, які дэманструе канфіскаваныя на мытні творы мастацтва; “Камянецкая вежа” - абарончае збудаванне XIII стагоддзя; “Мастацкі музей”, адкрыты ў паўднёвай казарме Брэсцкай крэпасці, які экспануе калекцыю вырабаў дэкаратыўна- прыкладнога мастацтва.

Экспазіцыя музея змяшчае калекцыі жывапісу (больш за 2 тысячы адзінак), графікі (каля 24,5 тысячы адзінак), скульптуры (32 адзінкі), нумізматыкі (амаль 18 тысяч адзінак), зброі, мэблі, адзення, народных музычных інструментаў, старадрукаваных і рукапісных кніг, ювелірных вырабаў з каштоўных металаў і камянёў, фотаматэрыялаў і дакументаў.

У аддзеле прыроды працуюць аўдыядыярамы “Белавежская пушча” і “Палессе”, якія расказваюць пра багацце і разнастайнасць жывёльнага і расліннага свету Брэстчыны.

У музейных залах можна атрымаць уяўленне пра старадаўні побыт, народныя рамёствы і мастацтвы, ваенную справу, знакамітых уражэнцаў Брэста.

Музей праводзіць выставы твораў мастацтва і калекцый з іншых музеяў.

 

 

свернуть

Маршрутамі выхаднога дня

 

Сад бесперапыннага цвіцення

  

У цэнтры горада, на тэрыторыі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна знаходзiцца "Сад бесперапыннага цвіцення", дзе можна азнаёміцца з вялікай колькасцю дэкаратыўных дрэў і хмызнякоў, іглічных, ліставых і травяністых мнагалетніх раслiн.

 

Зімовы сад

Прастора саду падзелена на зоны: тропікі, субтропікі, пустыні. Вы прагуляецеся па экзатычных трапічных лясах, пазнаёміцеся з жыхарамі пустыні, убачыце вялікія акварыумы і пакой з папугаямі. З другога

паверха можна палюбавацца рознакаляровым раслінным светам саду.

Цэнтр экалогіі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна. Аддзел “Аграбіялогія”.

 

 

 

 Цэнтр размешчаны на тэрыторыі былога порта Брэсцкай крэпасці i ўключае дэндрарый, пладовы сад, гадавальнік, участак дэкаратыўна- кветкавых раслін. Тэрыторыя цэнтра акружана водным ровам, у якім жывуць бабры і чырванакніжныя балотныя чарапахі. Тут расце шмат травяністых раслін, кустоў. Вясной цвітуць міндаль, ружовыя яблыні, каштаны.

Увагу наведвальнiкаў прыцягвае магнолiя. Гэтая расліна – госць у нашых шыротах. Цвiце ўсяго некалькі дзён і мае прыемны тонкі водар.

Яшчэ адна прыгожая расліна цэнтра – бераст з характэрнай драўнінай, якая нагадвае кару коркавага дрэва. Уся тэрыторыя заселена птушкамі і жывёламі. Тут можна ўбачыць зайцаў, гарнастаяў, куніц, вожыкаў, ласак, вавёрак і лісіц. У зарасніках дэндрарыя гняздуюцца сініцы, берасцянкі, дзятлы, чаротаўкі, сойкі, валасянкі і іншыя віды птушак.

Рачная прагулка па Мухаўцы

 

Рака Мухавец праходзіць праз увесь горад і раздзяляе яго на дзве часткі. Набярэжная ракі – любімае месца адпачынку гараджан і гасцей горада. Аматары водных прагулак могуць трапіць на цеплаход “Гродна”, які адчальвае ад прычала набярэжнай. У цёплую пару года тут працуюць катамараны, невялікія лодачкі для прагулак па вадзе. Для дзяцей адкрыты шматлікія гульнявыя пляцоўкі. Моладзь ідзе сюды, каб заняцца спортам, пагаварыць, адпачыць і правесці час з прыгожай прыродай.

І ўлетку, і ўзімку тут сустракаюць людзей галубы, лебедзі, качкі і іншыя птушкі. Мясцовыя жыхары і госці горада падкормліваюць іх.

Брэсцкі Арбат

 

 Брэсцкі Арбат… Так называюць берасцейцы пешаходную вуліцу Савецкую. Гэта самая маляўнічая турыстычная вуліца горада, працягласцю больш за два кіламетры. Прыгожыя ліхтары, выкананыя ў вінтажным стылі, каваныя лаўкі, цікавыя архітэктурныя скульптуры ўтульна размясціліся на Савецкай. Па абодва бакі вуліцы – невысокія будынкі, пабудаваныя ў ХVIII - ХІХ стагоддзях. Большая частка iх адрэстаўравана па сучасных тэхналогіях.

Што вечар на “Арбат” выходзіць ліхтаршчык у старадаўнім адзенні і ўручную запальвае 19 вулічных ліхтароў. Шматлікія ўтульныя кафэ прыцягваюць гараджан і гасцей прыемным водарам чаю і кавы.

Госцi горада з задавальненнем набываюць на памяць нацыянальныя сувеніры брэсцкай фабрыкі “Славянка”, якія прадаюцца ў сувенірных лаўках на Савецкай.

Дзіцячая пляцоўка для забаў

 У ліпенi 2017 года ў Брэсце на вуліцы Гаўрылава каля гандлёвага цэнтра «Экватар» адкрылася бясплатная дзіцячая пляцоўка з вулічным фантанам i гульнёвым абсталяваннем. Пляцоўка падзелена на ўзроставыя групы. Кожнаму дзiцяцi знойдзецца цiкавы занятак.

Дзеці з вялікай радасцю катаюцца на горках i каруселях, а ў цёплы час яшчэ і плюхаюцца ў фантане.

Алея каваных ліхтароў

У ліпені 2013 года па вуліцы Гогаля адкрылася алея каваных ліхтароў з каванымi скульптурнымi кампазіцыямi, выкананымi майстрамі мастацкай коўкі, у тым лiку брэсцкім скульптарам і кавалём Аляксандрам Чумаковым.

Кампазіцыі сімвалізуюць дзейнасць прадпрыемстваў і арганізацый, за кошт якіх былі выраблены: “Каваль”, “Святочны стол у пячы”, “Гандляр”, “Карэта”. На ліхтары размясціліся глобус, паруснік, штурвал, компас.

Частка ліхтароў звязана з творамi М.В.Гогаля “Нос”, “Які рускі не любіць хуткай язды?” і інш.

Алея каваных ліхтароў – адна з адметных мясцiн горада, дзе прыемна прагуляцца ўвечары.

свернуть